Існавала ў 1737—1846 у мяст. Урэчча Бабруйскага пав. (цяпер гар. пасёлак Любанскага р-на Мінскай вобл.). Адна з першых мануфактур на Беларусі. Засн. Ганнай Радзівіл. Напачатку наз. люстэркавай мануфактурай. У 1823 працавалі 132 рабочыя. Выпускала ліставое (аконнае) шкло, хрусталёвыя люстры, свечачнікі, люстэркі, жырандолі, кандэлябры, люстраныя насценныя рэфлектары, посуд, дробную пластычную аздобу для посуду і люстраў з хрусталю, каляровага і бясколернага шкла. У 1841—44 працавалі 2 гуты: па вытв-сці люстраў (3 печы) і ліставога шкла і посуду (6 печаў), цэх па вырабе кафлі. Прадукцыя вызначалася высокімі маст. якасцямі. Кіравалі мануфактурай Т.Шэрбер (1741—65), які ўкараніў у вытв-сць узоры франц., багемскіх і англ. люстэркаў, І.Малевіч (1804—09). Працавалі дынастыі мясц. майстроў Кахановічаў, Дубіцкіх, Бялькевічаў, Галубовічаў. Вырабы У.ш.м. зберагаюцца ў Дзярж.гіст. музеі (Масква), Эрмітажы (С.-Пецярбург), Музеі этнаграфіі і маст. прам-сці (г. Львоў, Украіна), Нац. музеях Кракава і Варшавы (Польшча).
Літ.:
Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977;
Яе ж. Беларускае мастацкае шкло, XIX — пачатак XX ст.Мн., 1984.
М.М.Яніцкая.
Да арт.Урэцкая шкляная мануфактура: 1 — жырандоль, сярэдзіна 18 ст.; 2 — келіх, 1750—70; 3 — люстэрка, сярэдзіна 18 ст.; 4 — бутлік, 2-я пал. 18 ст.